Гінеколаг Ганна Каско пераехала ў Польшчу чатыры гады таму. Цяпер яна адна з самых вядомых спецыялістаў Варшавы, паведамляе «Наша Ніва».
Па словах Ганны, у Беларусі яе заробак складаў 3000 доллараў. Але для таго, каб столькі зарабіць ёй даводзілася працаваць амаль круглыя суткі.
«Я працавала ў раддоме да чатырох, з чатырох да васьмі — у прыватным цэнтры. І яшчэ была ўргентнай. Гэта значыць цябе могуць ноччу выклікаць на УГД», — згадвае Каско ў інтэрв'ю ютуб-каналу Аксаны Дораховіч «Поспех мігранта».
З пераездам у Варшаву пасля настрыфікацыі дыплому доктара запрасілі працаваць у прыватную клініку. З цягам часу ў яе з’явілася яшчэ адно месца працы. У выніку жанчына працягвае працаваць амаль у тым жа рытме, што і ў Беларусі. Аднак пры гэтым яе заробак павялічыўся ў дзесяць разоў.
Па словах Ганны, з грошай, якія людзі аддаюць за прыём у прыватнай клініцы, доктар атрымлівае ад 40% да 60%.
Пры гэтым жанчына жыве сціпла і імкнецца адкладваць 80% заробку.
«Адкладваю як я свае грошы, так і муж свае. Потым мы можам разам нешта там купіць ці пабудаваць. Я яму фуру адзін раз купіла. Ён на той момант перавозкамі займаўся. Гэта было яшчэ ў Беларусі», — дзеліцца ўспамінамі жанчына.