У Нацбанку бачаць дэвальвацыйныя і інфляцыйныя рызыкі для беларускай эканомікі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе першага намесніка старшыні праўлення рэгулятара Сяргея Калечыца. На яго думку, у эканоміцы ўтварыўся дысбаланс — праз «лішнія» грошы, якія з’явіліся з прычыны попыту насельніцтва і бізнесу на крэдыты.
Расказваючы пра тое, як Нацбанк забяспечваў цэнавую стабільнасць у 2023 годзе, а таксама пра планы на 2024-ы, Сяргей Калечыц паведаміў пра рызыкі, якія існуюць для збалансаванасці эканомікі. Асноўны з іх — рост грашовай прапановы на рынку, у першую чаргу — праз павышаны попыт насельніцтва і бізнесу на крэдыты.
«За 2023 год прырост сярэдняй шырокай грашовай масы склаў 28,1%, у тым ліку прырост сярэдняй рублёвай грашовай масы — 35,4%, — адзначыў Сяргей Калечыц. Фактычная дынаміка паказчыкаў грашовай прапановы істотна апярэдзіла прырост ключавых макраэканамічных паказчыкаў у рэальным выражэнні. Захаванне цягам доўгага часу такога адхілення, як паказвае практыка, непазбежна прыводзіць да назапашвання макраэканамічных дысбалансаў».
Прадстаўнік Нацбанка растлумачыў, якімі праблемамі пагражае такая сітуацыя.
«У будучыні яны могуць праявіцца праз узмацненне ціску на валютны рынак і курс беларускага рубля, павышаны попыт на спажывецкім рынку, раскручванне інфляцыйна-дэвальвацыйнай спіралі, пагаршэнне паказчыкаў устойлівасці банкаўскага сектара», — адзначыў Сяргей Калечыц.
Паводле звестак Нацбанка, за 2023 год агульная сума наяўных грошай у абароце павялічылася да 9 млрд 474,6 млн рублёў. Гэта на 2 млрд 581 млн рублёў больш, чым год таму.
Шырокая грашовая маса за 2023 год таксама прыкметна вырасла — да 75 млрд 668,5 млн рублёў. Гэта на 14 млрд 429,5 млн рублёў больш, чым год таму. Гаворка пра сродкі насельніцтва і прадпрыемстваў на рахунках у банках, а таксама наяўных грошах у абароце.
Чытайце таксама