На мінулым тыдні падчас «Марафону адзінства» ў Баранавічах дзяржаўныя прапагандысты «развенчвалі» міфы пра дыктатуру. Калі моцна спрасціць, то асноўны пасыл міністра інфармацыі Марата Маркава наступны: дыктатура не такая кепская, як пра яе кажуць. Гэтая ж тэма стала галоўнай на мерапрыемстве «Адкрытая кафедра», удзел у якой разам з прапагандысткай Ксеніяй Лебедзевай узяла экс-кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына. Першая заявіла, што «дыктатура — гэта справядлівасць, упэўненасць у заўтрашнім дні і моцнае мужчынскае плячо». Спроба зрабіць плюс з відавочнага мінусу не новая: пра дыктатуру як брэнд Беларусі прапаганда гаворыць з 2019 года. Але цяпер рэжым пачаў гэтым нібыта ганарыцца. Пра тое, чаму так адбываецца, у калонцы для «Люстэрка» разважае палітычны аналітык і былы беларускі дыпламат Павел Мацукевіч.
Пачынанне Наталлі Эйсмант, а менавіта яна яшчэ ў 2019-м выдала тэзіс, што дыктатура — гэта наш брэнд, падхапіў «партактыў» і запусціў у масавы абарот. Людзі ў Беларусі відавочна не разумеюць свайго сацыяльна-палітычнага шчасця. Мабыць, з гэтай прычыны прапагандзе даводзіцца гэта дзень пры дні настойліва тлумачыць.
Ідуць эксперыменты з аргументамі, каб знайсці тыя, што будуць успрынятыя шырокімі народнымі масамі хаця б часткова. Не выключана, што некаторыя з іх знойдзеныя.
Прапаганда пачала славіць дыктатуру як сінонім прадказальнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, зладзіўшы вакол гэтай ідэі сацыялістычнае спаборніцтва пад назвай «Марафон адзінства». Ён стартаваў 17 верасня і ўяўляе з сябе гастролі чыноўнікаў, праўладных журналістаў, блогераў, актывістаў і артыстаў па беларускіх гарадах з праграмай выступаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
У такой праўладнай агітацыі з уключэннем адміністрацыйнага рэсурсу на ўсю моц няма навізны. Вось што сапраўды арыгінальнае — гэта рэклама дыктатуры як дабра ў святле «дэмакратыі, якую насаджвае Захад». Натуральна, поўнай заганаў.
Не ўсім агітатарам падоранае ўяўленне, каб прадэманстраваць уражлівы крэатыў, кажучы пра плюсы дыктатуры ў Беларусі. Але ў гэтым «спаборніцтве», відаць, не так важная перамога (яна гарантуецца арганізатарам), як удзел. У Ігара Тура відавочна атрымліваецца тлумачыць лепш, чым у Лідзіі Ярмошынай, але як яна лічыць галасы! Вось і цяпер менш 90% у яе не выходзіць.
Відаць, каб унікнуць ілюзіі барацьбы дабра са злом, варта канстатаваць, што дэмакратыя не ёсць абсалютным дабром, а дыктатура — абсалютным злом. Асабліва ў перыяды гістарычнай няпэўнасці, як цяпер. Але ёсць нюансы. І галоўны з іх, магчыма, палягае акурат на тым, што дэмакратыя — гэта пра свабоду і наяўнасць выбару, а дыктатура — пра адсутнасць і таго, і таго. На гэтым месцы нескладана адказаць, чаму прапаганда ўсхваляе другое ў Беларусі.
Тлумачэнне хаваецца ў самой прыродзе рэжыму: ён не пакідае нейкага іншага выбару, акрамя як ісці за сабой і славіць сябе. Гэта ўжо як у старым анекдоце, у якім, паміраючы, Уладзімір Ленін шэпча свае апошнія словы Іосіфу Сталіну, што партыя за ім — Сталіным — не пойдзе. На што той адказвае: «Уладзімір Ільіч, калі партыя не пойдзе за мной, то яна пойдзе за вамі».
Новая лінія прапаганды магла і далей какетліва замоўчваць дыктатарскі характар рэжыму, як замоўчвала ўсе гэтыя гады. І ўсхваляць, напрыклад, Усебеларускі народны сход як найлепшую з практык сапраўднай дэмакратыі, невядомую суседзям.
У зусім нядаўнім мінулым кожны раз, калі ў заходняй прэсе Беларусь называлі апошняй дыктатурай у Еўропе, у Мінску назапашвалі крыўду — грунтуюся на досведзе працы ў МЗС. У асобных выпадках амбасадары выпраўляліся ў рэдакцыі разбірацца ці напісвалі туды, патрабуючы абвяржэнняў. Цяпер жа, калі дыктатура ў Беларусі ўжо не апошняя ў гэтай частцы свету, маскі раптам ініцыятыўна скінулі.
Рэжым больш не камуфлюецца пад легенды пра асаблівы шлях. Ён не хавае, што мае характар, які на смак зусім не цукар, і, наадварот, робіць яго ледзь не прадметам нацыянальнага гонару, упіраючы на «плюсы» і ўдаючы сціпласць з нагоды раздабрэлых мінусаў. Брэнд паводле версіі Эйсмант (і трызненне — паводле маёй), але які мае перспектывы попыту.
Прычым гэта датычыць не толькі Беларусі. Размовы, што гучаць то тут, то там, пра дэфіцыт у свеце сапраўдных лідараў, здольных руліць і разрульваць, — не што іншае, як завуаляваны запыт на моцную руку. Яго натуральным чынам нараджае бяссільнасць моцных гэтага свету перад абліччам усіх актуальных выклікаў і пагрозаў, якімі стракацяць навіны.
Таму аўтакратыі зноў могуць увайсці ў грамадска-палітычную моду, калі ўжо не ўвайшлі. А такое ўжо бывала ў Еўропе ў мінулым стагоддзі — у міжваенны перыяд. Беларусь у такім выпадку акажацца ў трэндзе і нават у перадавіках.
Няцяжка расшыфраваць сігнал беларускаму грамадству, які пасылае прапаганда праз усхваленне плюсаў дыктатуры. Вось моцная рука, якая ўсё вырашыць і паклапоціцца пра ключавое — бяспеку, працу, заробак і сацпакет. Астатняе ў нашым турбулентным свеце нібыта не такое ўжо і важнае.
Зразумела, калі гэты самы свет не так ліхаманіла — лакальныя войны грымелі, але так далёка, што рэха не даносілася, а канфлікты Беларусі з Захадам не даходзілі да закрытых межаў, такая прапанова выглядала ўбога. Таму практыкаваліся іншыя прапагандысцкія хады, хоць і прапаноўвалі яны, па сутнасці, тое самае, праз што, уласна, і атрымаўся 2020 год.
Часы змяніліся. Склалася зусім іншая міжнародная, ваенная і сацыяльна-палітычная кан’юнктура, якая паставіла пад сумнеў многія асновы. З гэтай прычыны ў гэтым моманце дыктатарская прапанова прапаганды можа мець у Беларусі пэўны грамадскі водгук.
Аднак гісторыя любіць метамарфозы: людзі спачатку ствараюць культ, потым займаюцца яго развянчаннем. Бывае, што робяць гэта тыя самыя людзі. Так было з ужо згаданым Сталіным. Прычым празорлівы бацька народаў прадказаў сабе і пасмяротную няміласць, і адраджэнне народнай любові: «Я ведаю, што пасля маёй смерці на маю магілу нанясуць кучу смецця. Але вецер гісторыі бязлітасна развее яе!» — гэтую цытату прыводзіў пісьменнік Фелікс Чуеў у кнізе «Сто сорак гутарак з Молатавым». Цяпер для яго магілы час кветак — яна абсыпаная імі, але вецер развее і іх.
Як у выніку будзе з Лукашэнкам, сказаць складана. Кропка ў яго кіраванні яшчэ не пастаўленая. Яшчэ можа быць горш, але можа быць і лепш. Аднак рэч не толькі ў гэтым. Нашыя ацэнкі яго эпохі могуць адрознівацца ад высноваў нашых нашчадкаў, якія будуць меркаваць пра спадчыну Лукашэнкі з адлегласці і параўноўваць з тым, што адбудзецца пасля. Гэтае «пасля» і дасць назву таму, што было «да», — брэнд або трызненне.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO