Лукашэнка агучыў «закрытую інфармацыю» — думкі кіраўніка генштаба адной з краін — удзельніц NATO
20 лютага 2024 у 1708430520
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка агучыў «закрытую інфармацыю», пра якую думае «начальнік Генеральнага штаба адной з найбуйнейшых краін - удзельніц NATO». Ён не патлумачыў, адкуль у яго інфармацыя пра думкі невядомага вайскоўца.
«Нас хочуць усімі праўдамі і няпраўдамі ўцягнуць у гэтую вайну. У нас на руках закрытая інфармацыя. Мы дакладна ведаем, што думае з гэтай нагоды начальнік Генеральнага штаба адной з найбуйнейшых краін - удзельніц NATO: "Мы не змаглі ўцягнуць Беларусь у канфлікт. Актыўны ўдзел Мінска ў вайне падарваў бы рэжым у Беларусі і Лукашэнку. Гэтая магчымасць усё яшчэ адкрытая", - паведаміў Лукашэнка. - І палякі падвіскваюць: "Вайна ва Украіне дае ім магчымасць змяніць беларускі рэжым". Нашым збеглым. Гэта цытата».
Ён чарговым разам заявіў, што Польшча хоча атрымаць «законныя правы на частку сучаснай Беларусі», а Беларусь павінная атрымаць частку «пераможанай Расіі» (упершыню пра такі падзел ён заявіў 16 лютага на выступе перад калектывам «Белкаапсаюза». - Заўв. рэд.).
«Яны ў Еўропе лічаць, што (даслоўна) "па выніках гэтай вайны павінныя адбыцца тэрытарыяльныя змены. Польшча мае законныя правы на частку сучаснай Беларусі. А дэмакратычная Беларусь у якасці кампенсацыі павінная атрымаць частку тэрыторыі пераможанай Расіі". Вось і ўся стратэгія. Закрытая нарада кіраўнікоў "ястрабаў". У гэтым іх стратэгія - нанесці глабальную паразу Беларусі і Расіі і потым разабрацца і з тэрыторыямі, і іншым. Вы разумееце, які замес, якая бойня разгорнецца на гэтых землях», - заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, такія планы абмяркоўваліся паміж прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і прадстаўнікамі Захаду.
Нагадаем, раней сёння, 20 лютага, Лукашэнка заявіў, што польская і амерыканская разведкі рыхтуюць у Польшчы правакацыю супраць цывільнага насельніцтва краіны, у якой абвінавацяць Расію і Беларусь.